КРАЮ МОЙ РОДНЫ! ЯК ВЫКЛЯТЫ БОГАМ... Краю мой родны! Як выкляты Вогам —
Столькі ты зносіш нядолі.
Хмары, балоты... Над збожэм убогім
Вецер гуляе на волі.
Поруч раскідалісь родные вёскі.
Жалям сцікаюцца грудзі! —
Бедные хаткі, таполі, бярозкі,
Ўсюды панурые людзі...
Шмат што зрабілі іх чорные рукі,
Вынясьлі моцные сьпіны;
Шмат іх прымусілі выцярпець мукі
Пушчы, разлогі, нізіны.
Кінь толькі вокам да гэтаго люду —
Сцісьнецца сэрце ад болю:
Столькі пабачыш ты гора усюды,
Столькі нуды без патолі.
Песьня цяе, як удовіна сына,
Янку, каханьне згубіло:
Там дзе панура схілілась каліна,
Беднаго хлопца магіла.
Ў гутарках-казках аб шчасьці, аб згодзе
Сэрцэ навін не пачуе.
Сціснуло горэ дыханьне ў народзе,
Горэ усюды пануе.
Хваляй шырокай разлілось, як морэ,
Родны наш край затапіло...
Брацьця! Ці зможэм грамадзкае горэ?!
Брацьця! Ці хване нам сілы?!
* * *
Халоднай ноччу я ў шырокім, цёмным полі
Каля огнішча лёг і сціхнуў у паўсьне.
Агонь усё слабеў... урэшці знік паволі...
І ўраз зрабілося вясёла неяк мне!..
Хай, шэры попел, ты агнішчэ ўсё сабою
Ў нядоўгі час здалеў, як рызаю, пакрыць,—
Я ведаю, што там агонь дрыжыць пад ёю,
Я ведаю, што там чырвоны жар гарыць...
Хай чэрэда гадзін панурьіХу нудных, шэрых,
Як попел, на душу мне клалася ўвесь час,
Хаваючы сабой агонь гарачы веры, —
Хай не відаць яго... а ўсё-ж ткі ён не згас!
* * *
Кінь вечны плач свой абстаронцы!
Ня ужо жэ цёмнай ноччу тьт
Не бачыш, што глядзіцца сонцэ
Ў люстэрка—месяц залаты?
Не згасла сонцэ! Сонцэ гляне,
Усіх падыйме ада сна.
Ен, гэты дзень, ешчэ настане,—
І ачунее старана!
Я пад яе зімовай маскай, —
Пад сьнегам,—бачу твар вясны,
І вее верш мой дзіўнай казкай,
І ясны ён, як зорак сны.
* * *
Зрэзаюць галіны таполі адну за адной...
Без скаргі яны на зямлю чэрадою лажацца,
Бо сьмерць іх патрэбна, каб дзерэва новай вясной
Магло бы хутчэй развівацца.
Таварышы-брацьця! Калі наша родзіна-маць
Ў змаганьні з нядоляй патраціць апошніе сілы, —
Ці хваце нам духу ў час гэты жыцьцё ёй атдаць,
Без скаргі ляечы ў магілы?!
* * *
Рушымся, брацьця, хутчэй
Ў бой з жыцьцём пакідаючы жах;
Крыкі пулслівых людзей
Не стрымаюць хай бітвы размах...
Проці цячэньня вады
Зможэ толькі жывое паплыць,
Хвалі-ж рэкі заўсягды
Тое цягнуць, што скончыло жыць.
* * *
Нашых дзедоў душылі абшары лясоў,
Не давалі ім жыці праўдзівым жыцьцём,
І яны тые пушчы звадзілі агнём,
Іх кругом падпаліўшы з далёкіх канцоў.
І пылалі па нашаму краю лясы,
Покуль сонцэ здалело ўсё ў ім асьвяціць;
І сьвятлей і прасторней тады стала жыць,
А на попелі буйна ўзрасьлі каласы.
3 гэтых дзедоў суворых прыклад нам бы ўзяць, —
Не хіліцца з бяды, не пужацца агня,
Бо мы толькі тады дачэкаемо дня,
Калі нас не здалее змаганьне злякаць.
* * *
Ўстань, навальніца, мкні нанова,
Ўзвый вецер з ёю за адно!
У віхру уляціць палова,
Пакіне чыстае зярно.
Удар, цыклон, удар на морэ,
Цалуй яго у глухое дно,
Ўсыілясьні ваду — і пэрлаў горы
На берэг выкіне яно.
* * *
Не блішчыць у час змерканьня і ў глыбокай цемні ночы
Дыямант каштоўны,
Але белым днём красою нам чаруе, вабіць вочы
Блеск яго цудоўны.
Бо калі на гэты камень упадзець праменьня сонца,
Ураз ён блісьне дзіуна
І вясёлкавые іскры разсыпаць пачне бязконца
Ярка, пераліўна.
Так здаецца у змроку ночы цёмным і народ мой родны,
Бедны і нешчасны;
Але, як устане сонцэ, ўраз прачнецца дух народны,
І засьвеціць ясна!
* * *
Напілося сонцэ са крыніц сцюдзёных,
Усьцягнуло у вышу з іх ваду як пар;
І ўзляцеўшы шпарка па праменьнях тонкіх
Пар зрабіўся сьлічнай чэрадою хмар.
Удаль яны памкнулі і лятуць пад імі
Нівы ды балоты, поле, бор, лука.
Але што там блішчэ? Ці ня ты, сястрыца,
Ці ня ты ліешся срэбная рэка.
Загрымелі ў хмарах гулка прывітаньня
І далёка буйны вецер іх разнёс.
Рынуліся хмары да рэкі радзімай
І зьліліся з ёю ліўнем кропель-сьлёз.
* * *
Ой, чаму я стаў паэтам
Ў нашай беднай старане?
Грудзі ныюць, цела вяне,
А спачыць ня можна мне:
Думкі з розуму ліюцца,
Пачуцьцё з душы бяжыць...
Мо за імі кроў палыне
І тады ўжо досі жыць!
* * *
Даўно ўжо целам я хварэю,
І хвор душой, —
І толькі на цябе надзея,
Край родны мой!
У родным краю ёсць крыніца
Жывой вады.
Там толькі я змагу пазбыцца
Сваей нуды.
Калі-ж у ім умру—загіну,—
Не жалюсь я!
Ня будзеш цяжкая ты сыну
Свайму, земля.
Там хоць у гліне, хоць у брудзе,
Там пад зямлёй,
Найдуць мае слабые грудзі
Сабе спакой.
* * *
Калі зваліў дужы Гэркал у пыл Антэя,
Як вецер валіць поўны калос да ральлі,—
Удыхнула моц у грудзі сына мацер Гэя,
І вось, цьвярды як дуб, ешчэ чым перш сільнее
Ён напружыўшыся, падняўся ўраз з зямлі.
Паломаны жыцьцём, чэкаючы магілы,
Радзімая земля, прынікнуў я к табе,
І бодрасць ты ўліла ў слабеючые жыльт,
Зварушыла маей душы дрэмаўшай сілы,
І мейсца ў ёй с тых пор віма ўжо больш жальбе.
* * *
Бледны, хілы ўсё-ж люблю я
Твой і мудры і кіпучы верш, Анакрэон!
Ён у жылах кроў хвалюе,
Ў ім жыцьцё струёю плешчэ, вее хмелем ён.
Верш такі, — як дар прыроды —
Вінаграднае, густое, цёмнае віно:
Дні ідуць, праходзяць годы, —
Але ўсё крапчэй, хмяльнее робіцца яно.
* * *
…passe sans laisser meme
Son ombre sur le mur
V. Hugo
Жывеш ня вечна, чэлавек, —
Перажыві-ж у момэнт век!
Каб хвалювалося жыцьцё,
Каб болып разгону ў ім было,
Каб цераз край душы чуцьцё
Не раз, не два пайшло!
Жыві і цэльнасьці шукай,
Аб шыраце духоўнай дбай.
І ў напружэньні паўнаты
Свайго шырокаго жыцьця
Бяз болю, ціха зойдзеш ты
Ў краіну забыцьця.
* * *
Мудрай прамовы
Мёд залацісты,
Поўные соты
Мне да спадобы;
Але ня меней
Сэрцу панадны
Мёд сваім хмелем
Сьветлым і тонкім.
* * *
Дзе вы, лясоў, палёў цьвяты?
Бас холад загубіў!
Чаму-ж ён срэбные цьвяты
На гэтым шкле ўзрасьціў?
Ім, бледным, мёртвым не збудзіць
Былога пачуцьця,
Як не змагу яго збудзіць
Халодным вершам я.
* * *
Калі ў ракавіну цёмную жамчужніцы
Унадзе пясчынка хоць адна,—
Жомчугом патроху робіцца яна!
Калі ў дух мой западзе і заварушыцца, —-
Там кавалак грубаго жыцьця, —
Ў жомчуг звернецца ён сілай пачуцьця!
* * *
Сьвеча бліскучая зіяе,
Каб разступілася імгла;
Ў яе агню—краса жывая, —
Яна прыгожа і сьветла.
Ў блізі матыль дрыжыць ад болю
Прываблены з імглы агнём,
Ён рынуўся туды бяз волі
І сьмерць сваю спаткау у ём.
Сьвеча гарыць. 3 яе ліецца
За кропляй кропля як раса,
А матылёк ужо ня бьецца:
Табе ахвяра ён, краса!
ПЕСЬНЯРУ.
Ведай, брат малады, што ў грудзях у людзей
Сэрцы цьвёрдые бытцым с каменьня.
Разабьецца аб іх слабы верш заўсягды
Не збудзіўшы сьвятога сумленьня.
Трэба с сталі каваць, гартаваць гібкі верш,
Абрабіць яго трэба с цярпеньнем.
Як ударыш ты ім, — ён як звон зазьвініць,
Брызнуць іскры с халодных каменьнеў.
Нізка вершоў "Вольные думы"
Meine Bitterkeit kömmt nur aus den Galläpfeln
meiner Dinte, und wenn Gift in mir ist,
so ist es doch nur Gegenift.
Heine.
ЎСТУП.
Я думы, ня скутые путамі,
Тут перэд вамі вываджу,
А проці ганеньня кажу:
Хваробы лечуць і атрутамі.
ГУТАРКА С ПАНЕНКАМІ.
"Пабачце! Ластоўка малая
Для птушэнят гняздо зрабіла,
І клапатліва ўкруг летае, —
Аж лаглядзець прыемна-міла!"
"Вельмішаноўные паненкі!
Тут ёсць напэўна трохі цуду.
Ў гняздзечку міленькім і сьценкі,
І дно яна зляпіла з бруду".
* * *
Вы кажэце мне, што душа у паэта,
Калі спараджае ён дзіўные вершы,
Нябесным агнём абагрэта,
І ў час той між люда ён — першы...
Ах, дзякуй Вам, дзякуй на гэтай прамове;
Душа мая, пэўна, шчасьлівай была бы,
Калі-б я ня ведаў, панове,
Што пекна сьпеваюць і жабы.
* * *
Вы панове, пазіраеце далёка,
Ў блеску сонца з вялізарных плеч народных,
Але сьвятло крые шмат чаго ад вока:—
Днём не бачыце Вы зорак пуцеводных.
Загляніце же, будзь ласка, Вы у студню:
Ўжо даўно яна счарнела і згнівае,
Але дно яе і ў ночы і ў палудню
У вадзе люстранай зоры адбівае.
К тым, каго жыцьцё заціснуло глыбока
Ўніз, у норы падзямельные пад Вамі,
Вы, панове, хоць і бачыце далёка,
3агляніце ў душы-студні са сьлезамі.
* * *
Мы доўга плылі ў бурным моры,
І ўраз — жаданная земля!
Вы пэўны пуць казалі зоры,
Зарука ў тым, — трэск карабля,
Што сеў на скалы ў змрочным моры.
Прывет жаданная земля!
І безтрывожна бачуць зоры,
Як тонуць людзі с карабля.
* * *
Была калісь пара: гучэла завіруха
І замела маей мінуўшчыны сьляды.
Усціхла ўжо яна... Плывуць у даль гады,
А ўсё ня бьюцца скрыдлы духа:
Куды цяпер ісці? Куды?
Ў душы гарыць агонь нуды, — пануры, чорны
Ці мне крыніцай сьлёз сваіх яго заліць
І плугам цяжкаго мучэньня сэрцэ ўзрыць?—
Мо ўзойдуць там надзеі зёрны!..
Куды-ж ісці і што рабіць?
МНЕ СЬНІЛОСЯ.
Ўсё вышэй і вышэй я на гору ўзбіраўся,
Падыймаўся да сонца, што дае нам цяпло:
Але толькі чым болей да яго набліжаўся,
Тым усё халадней мне і маркотней было.
Заскрыпеў сьнег сыпучы пад маімі нагамі,
І марозам калючым твар пякло ўсё крапчэй.
І пануры, прыстаўшы ўніз пайшоў я сьнегамі,
Сонцэ там хоць і далей, але грэе цяплей!
* * *
Шмат у нашым жыцьці ёсьць дарог,
А вядуць яны ўсе да магілы.
І без ясных надзей, без трывог,
Загубіўшы апошніе сілы
Мы сайдзёмся, спаткаемся там
І спытаем сябе: для чаго мы
Па далёкіх і розных пуцях
Адзінока йшлі ў край невядомы?
І чаму пасьпешаліся так,
Папружаючы ўсе свае сілы,
Калі ціха лаўзушчы чэрвяк
Ўсё ж дагнаў нас ля самай магілы?
Нізка вершоў "Старая Спадчына"
Мы зерва древніе лелеемъ
Мы урожай столетій жнемъ,
В. Брюсобъ.
ПЭНТАМЭТРЫ.
Чыстые сьлёзы з вачэй пакаціліся нізкай парванай,
Але, упаушы у пыл, брудам зрабіліся там.
* * *
Хіліцца к вечэру дзень і даўжэйшымі робяцца цені;
3 болем пад захад жыцьця ўспомніш пра гэтае ты.
* * *
3 нізкаго берэгу дно акіяна вачам не даступна, —
Глуха укрыла яго сіняя цемень вады.
Але ўзбярыся ў гару на вяршыну прыбрэжнай страмніны, —
Кожны каменьчык на дне, пэўна, пабачыш ты стуль.
НЕПАГОДАЮ МАЕВАЙ.
Падаюць вішняў цьвяты і разносіцых вецер халодны;
Сьнегам у чорную гразь падаюць вішняў цьвяты.
Плачце, галіны, лісты! Загубілі вятры цьвет ваш родны, —
Некчаму болі вам жыць. Плачце. галіны, лісты!
СОННЭТ.
(Ахвярую А. Погодіну).
Un sonnet defaut vaut seul un long poeme.
Boiteau.
Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі,
Над хвалямі сінеючаго Ніла
Ўжо колькі тысяч год стаіць магіла:
Ў гаршчку насеньня жменю там знайшлі.
Хоць зернейкі засохшымі былі,
Усё-ж такі жыцьцёвая іх сіла
Збудзілася і буйна ўскаласіла
Парой вясеньняй збожжэ на ральлі.
Вось сымвол твой, забыты краю родны!
Зварушэны нарэшці дух народны,
Я верую, бязплодна не засьне,
А ўцерад рынецца, маўляў крыніца,
Каторая магутна, гучна мкне,
Здалеўшы з глебы на прастор прабіцца.
СОННЭТ.
Ne ris point du sonnet, o eritique moquer.
C. Bob
На цёмнай гладзі сонных луж балота,
За сьнег нябёснай вышыні бялей,
Кругом паўсталі чашэчкі лілей
Між пачарнеўшых корэньнёў чарота.
Ўкруг плесьня, бруд, — разводзіць гніль сьпякота,
А краскі ўсё-ж ня робяцца гразьней
Хоць там плыве парою сьлізкі зьмей
І ржаўчына ляжыць, як пазалота.
Цяпер давольна топкае багно
Гніль сотні год збіраючы, яно
Смуроднай жыжкаю узгадавала
Цьвятоў расістых чыстую красу.
Маліся ж, каб з літоўнасьці стрымала
Тут смерць сваю нязвонкую касу.
ТРЫОЛЕТ.
Красавецъ юный тріолетъ.
К. Фофановъ.
Як птушка ў гібкіх трасьніках,
Стралою думка мільганула,
І ўраз жэ знікла, патанула,
Як птушка ў гібкіх трасьніках.
Ды ўсё-ж душа яе пачула
І ўжо пяе ў такіх славах:
"Як птушка ў гібкіх трасьніках,
Стралою думка мільгнула".
ТРЫОЛЕТ.
Калісь глядзеў на сонцэ я,
Мне сонцэ асьляпіло вочы.
Ды што мне цемень вечнай ночы.
Калісь глядзеў на сонцэ я.
Ніхай усе з мяне рагочуць
Адповедзь вось для іх мая:
Калісь глядзеў на сонцэ я,
Мне сонцэ асьляпіло вочы.
РОНДО.
Узор прыгожы пекных зор
Гарыць у цемні небасхіла:
Вада балот, стаўкоў, азёр
Яго ў глыбі сваей адбіла.
І гымн сьпевае жабоў хор
Красе, каторую з'явіла
Гразь луж; напоўніць мгла прастор,
І ўстане з іх гарачы міла
Узор.
І сонцэ дальш, клянуць, што скрыло
Луж зоры днём. І чуе бор,
І чуе поле крэхат хілы,
Ды жаб ня ўчуць вышэй ад гор
Там, дзе чыясь рука зрабіла
Узор.
ОКТАВА.
Як моцны рэактыў каторы выклікае
Між строк ліста, маўляў нябошчыкоў з магіл,
Рад раньш нявідных слоў — так цемень залівае
Зялёны, бытцым лёд, халодны небасхіл,
І праз імглу яго патроху праступае
Маленькіх, мілых зор дрыжашчы, срэбны пыл.
Здароў, радзімые! Мацней, ясьней гарыце
І сэрцу аб красе прыроды гаварыце!
ТЭРЦІНЫ.
Ёсьць чары ў забытым, старадаўным;
Прыемна нам сталецьцяў пыл страхнуць,
Пажыць мінулым — гэткім мудрым, слаўным, —
Быцьцё дзядоў у смутку ўспамянуць.
Мы сквапна цягнемся к старым паэтам,
Каб хоць душой у прошлым патануць.
І вось звярнуўся я к рондо, соннэтам,
І бліснуў ярка верш пануры мой:
Як месяц зіхаціць адбітым сьветам
Так вершы з'яюць даўніх форм красой!
ГРАМАДА ЗОРАК "КАРОНА".
(«Metamorphoses» Овідзія, кніжка 8-я, вершы 178—182).
Бог Аппалон з галавы зьняў карону і кінуў у неба.
Ў сьветлым паветры яна пралетае; агнямі малымі
Робяцца ў ёй на ляту ўсе каменьня каштоўные. Ў небі
Быццым карона-жэ між на каленях стаячаго Нікса
І паміж Цмока яна, затрымаўшыся, блешчэ на мейсцы.
С КРЫМСКАГО.
(Перэклад з украінскай мовы).
Кажуць людзі бытцым творучы мужчыну
Бог зрасіў вадою высахшую гліну.
Але чорт падкраўся: выціснуўшы воду
Падмешаў ён сьлёзы ў нашую прыроду.
Нудзяць нас праз тое цягам смуткі, жалі,
І адзін ратунак каб яны маўчалі: —
Выплакаць іх шчыра, голасна ці ціха,
Каб з сьлезамі разам вылілося ліха.
Ох, мне з гэтым лекам ачуняці трудна,
Сьлёзаў я ні маю, а ў душы так нудна.
Ўжо яна згарэла, а не плачуць вочы,
Ўжо самлело сэрцэ, а плакаць ня хочэ.
С ЧЭРНЯЎСКАГО.
(Перэклад а украінскай мовы).
Ўжо зноў не спаткаюцца тые шляхі,
Якімі ў жыцьцё выходзілі мы зраньня,
Мы ўсе пакляліся, маўляў жаніхі,
Да сьмерці ядынае меці каханьне.
А як разыйшліся—пакінулі нас
Заходы і думкі высокіе ўраз:
На іншые сьцежкі жыцьцё нас звертае,
Па своему кожны свой век пражывае,
У кожнаго неба і сонцэ свае,
Супольная ж праўды крыніца ня б'е.
3 ОЛЕСЯ.
(3 украінскаго)
Пекла было тут у тую часіну:
Гром звар'яцеўшы стагнаў і равеў,
Білі вакол пяруны без упыну,
Ўвесь небасхіл то пылаў, то чарнеў.
Бура прайшла і людзей я пытаю,—
Што жэ зрабілося з роднаго краю?
Пэўна, руіны ў ім бура зрабіла...
Кажуць разбітую ліпу дабіла.
Думка! Калі я цябе выліваю
Ў слова халоднае, ў песьню сваю,
Гэткае-ж пекла ў душы сваей маю,
Паліць яна мне душу ўсю маю.
Што-ж, асцюжэная словам людзкім,
Ты нарабіла ў краю дарагім?
Можэ разбіла маркотную ліпу
Сьмерці прясіўшую у нуднаму рьцу.
АСТРЫ.
У поўначы астры ў саду расцьвілі,
Убраліся ў росы, вянкі заплялі,
І сталі ружоваго ранку чэкаць,
Ў вясёлку колёраў жыцьцё убіраць.
І марылі астры ў цудоўнаму сьне
Аб зёлках шаўкоўных, аб соўнечным дне,
І казачны край падыймаўся з іх сна
Дзе кветы не вянуць, дзе вечна весна...
Так марылі ў шэрую восень яны,
Так марылі астры і ждалі вясны.
А равак спаткаў іх халодным дажджом,
І вецер стагнаў у саду за кустом.
І ўбачылі астры, што ўкруг іх — турма,
Убачылі астры, што жыць ім — дарма.
І ўмерлі яны. Але тут як на сьмех
Паднялося сонца, цалуючы ўсіх.
МАДОННЫ.
У ВЁСЦЫ.
Lumen coeli, sarcta rosa!
А. Пушкинъ
Хвалююць сэрцэ нам дзявочые пастаці
І душы мацярэй нас могуць чараваці;
Вышэйшая краса — ў іх зьлітнасьці жывой!
Артысты-маляры схіляліся прад ёй
Жадаючы зьявіць цераз свае халсьціны
Пачуцьця мацеры у обліку дзяўчыны,
Красы тэй сымвалам, Маць-Дзева, стала Ты —
І глянулі Твае с пад пензэляў чэрты.
С таёмным трэпетам на іх я пазіраю,
А сэрцэ ўсё імкне да бацькоўскаго краю.
Мінулае сваё прыпамінаю я!
Між цёмных абразкоў прайшоўшаго жыцьця
Шукаю сквапна штось трывожнаю душою
І здарэньне адно ўстае перадамною.
* * *
Калісьці летняю рабочаю парой
Праз вёску я ішоў. Панураю чаргой
3 абох бакоў крывой і вузкай вулкі хаты
Стаялі — шэрые, струхлеўшые; як латы
Віднеліся у сьценах сьляііые вокны іх
І аж чарнелася салома стрэх гнілых.
Ўсё руйнавалося, старэло, адмірало
І мала што вакол хоць трохі аздабляло
Вясковую нуду; мак яркіе цьвяткі
Рожнакалёрные, як тые матылькі,
У градах высыпаў і цешыў імі душу,
Ды можна йшчэ было там-сям пабачыць грушу,
Крывую, старую, вось толькі і ўсяго.
І да таго ж з людзей ня відна нікаго,—
Яны на полі ўсё; не мелканець спадніца,
Ня пройдзе з вёдрамі па воду маладзіца,
Ня ўгледзіш белую магерку мужыка,
Ў паветры не памкне іржаньне жэрэбка
І песьня сумная не паліецца звонка...
Што ж дзіўнаго, калі, раптоўна крык дзяцёнка
Пачуўшы, дрогнуў я і аглядзеўся. Ах!
Я спудзіў хлопчыка; на руках і нагах
Ён, бедненькі, папоўз па траўцы ля сцяжынкі
Да нянькі траплячы — так год васьмі дзяўчынкі.
І вось, дабраўшыся, у падолак разам з ей
С трывожным голасам уткнуўся ён хутчэй
І як схіляецца ад ветра верх бярозкі,
Дзяўчынка к хлопчыку нагнулася і сьлёзкі
Сьціраючы яму, штось пачала казаць,
Каб заспакоіць плач — зусім, як бытцым маць.
І саліваліся ў жывы абраз ядыны
Той выгляд мацяры ды з облікам дзяўчыны —
Дзіцячым, цененькім; і ў гэты час яна,
Здавалося, была аж да краёў цаўна
Якойсь шырокаю, радзімаю красою, —
I, помню, я на міг пахарашэў душою.
А можэ не краса была ў дзяўчынцы той, —
Дзяўчынцы ўпэдканай, і хілай, і худой, —
А штось вышэйшае, што Рафаэль вялікі
Стараўся выявіць праз Маці Божай лікі.
* * *
Страніца лепшая ў штодзённіку жыцьця!
Зноў с ціхай радасьцю цябе чытаю я.
Хай шмат чаго с тых гадоў крыніца змыла
У памяці маёй, хай той дзяўчынкі мілай
Ўжо облік губіцца у цёмнай глыбіне, —
Я веру, ў цяжкі час ён гляне на мяне.
Вэроніка.
(Вершаванае апаведаньне).
“E un pensier del mio capo”
(Яна – выдумка маёй галавы)
(Джіованьні).
Я на душы васковай маю
Жыцьця мінулаго печаць: —
Схачу свой вольны верш пачаць, —
І ўраз пра прошлае згадаю;
У даль вядуць мяне сьляды
Да вас, дзіцячые гады.
Ўстае перад маім паглядам
І вулка, веючая сном,
І ціхі, старасьвецкі дом
С цяністым, адзічэлым садам:
Над ім шпакоўніца ў гары,
А ўкруг схіліўся тын стары.
Дом гэты да паноў Забеллаў,
Суседзяў нашых, належаў;
Я змалку там што дзень гуляў,
3 дзяцьмі іх лез на дахі сьмела,
Рваў яблыкі, рабіў садом
І крыкам поўніў цэлы дом.
Вясёла йшлі гулянкі нашы:
Пад шум і гук размах рукі
Ўраз "браў на вынас" гарадкі,
Быў чутны сьмех пры відзе "кажы",
І кожны стрымываў свой плач,
Калі ўрэзаўся ў плечы мяч.
А вечарком мы выпускалі
Ў паветрэ белых галубоў:
Зрабіўшы неколькі кругоў
У вышыню яны шыбалі,
Як чысты сьнег кружылі там
І падалі на дахі к нам.
Калі-ж сачыўся бледнаваты
Зор сініх сьвет праз небасхіл
І уплетаўся вулак пыл, —
Мы ўсе пеялі каля хаты,
І напаўняў нягучны хор
Маркотнай песьняй сціхшы двор.
Так у гулянках пралетала
Маё дзіцячае жыцьцё,
А поруч ціхае дзіцё
Дачка Забеллаў узрастала.
Яе я мала знаў: яна
Ўсягды была сама, адна.
Жылося цяжка Вэроніцы
(Хай так дзяўчыну будзем зваць):
Яе памерла рана маць
І не было саўсім сястрыцы
А бацька сэрцэ хоць і меў
Ды прытуліць яе ня ўмеў.
І змалку шчыра палюбіла
Хавацца ў сад стары яна,
Дзе веяло дыханьне сна
І цішына ў паветры плыла,
І нерухомы быў, спакой
Маўляў у глыбіне марской.
Не калыхнуцца лісьцяў хвалі
Успляснуўшы пенаю цьвятоў
Паверх чарэшневых кустоў;
Кіпіць шум места дзесь там далі,
А тут і глуха і цямно, —
Не зварухне марское дно.
І забывала Вэроніка
Між зёлак с кніжкай аба ўсём,
А ўзгляне, — сад кіпіць жыцьцём,
Над ёю куст шыпшыны дзікай,
Бруяе блізка сонны шмель
І горка пахне тонкі хмель.
Ізноў страніца за страніцай
Раскрытай кнігі шэлясьціць
Нячутна час кудысь бяжыць,
Раяцца думкі Вэронікі
Усё расьце душа яе
І у паўнаце красы ўстае.
Калі-ж васенные навіны
Зьменялі сад, калі з бяроз
Рваў лісьця вецер, а мароз,
Наліўшы ягады рабіны,
Траву губіў, і мы нагой
Ўзрывалі прэлых лісьцяў слой.
Калі патроху чырванелі
Чаромха, ліпа, стройны клён,
А гнёзды змрочные варон
Між голаго гальля чарнелі,
І грозны вечэра пажар
Пылаў між бура-шызых хмар;
Калі васенны вецер дзіка
Стагнаў і глуха па начах
Грымеў у наш жалезны дах,—
Тады да лета Вэроніка
Ад нас знікала у інстытут
І не будзіла згадак тут.
А час усё каціўся далі
Хаваючы на дне гадоў
І гарадкі і галубоў,
Мы панямногу падрасталі
А іншы ўжо шчыпаў вусы
І лічыў іх гарой красы.
І толькі ўжо тады я ўгледзіў
Што поруч, як цьвяток лясны,
Ўзрасла ў красе сваей вясны
Дачка самотная суседзяў
I, — помню я, — тады жэ ўперш
3 маей душы паліўся верш.
Ён там кіпеў струёй жывою
Праз холад мысьлі працекаў
І ў цьвёрдых формах застываў,
Як воск гарачы пад вадою,
Каторым трэба вам гадаць
Аб чым той вершык меў казаць.
Яж сам скажу йшчэ тое толькі
Што к Вэроніцы твор паслаў
І млеў, і ўсё адказ чэкаў.
Аж вось прайшло маруды колькі
Трывожных дзён, а ўсё німа
Ні Вэронікі, ні пісьма.
Калі-ж я неяк з ёй спаткаўся
Загаварыўшы, як у сьне,—
Яна зірнула на мяне
І раптам з вуст яе сарваўся
Такі бязвінны, чысты сьмех,
Што на яго злавацца, — грэх.
Сьмех гэткі маюць толькі дзеці
Ды людзі з яснаю душой;
І ён, як жаваронак той,
Зьвінеў і ўжо каханьня сеці
Нячутна нішчыў, як ураз
Сарваўся, дрогнуў і пагас.
Накрыла ясны твар дзявочы
Задумы сумная імгла,
На плечы ручка мне легла,
Спагадліва зірнулі вочы
І даляцеў к маім вушам
Ласкавы шэпт: "Мо прыкра вам?"
Не, зорка, мне было ня прыкра,
Бо бачыла адно душа, —
Як ты сьвежа і хараша,
Як рада ты жыцьцю нявольна
Уся пад срэбнаю расой
Са ўстужкай скромнай між касой.
І мела дзеўчэ выгляд маці
Калі тады ка мне яна,
Трывожнай ласкаю паўна,
Схілілася як да дзіцяці
Зіяючы перэдамной
У новай пекнасьці жывой:
У тэй, што з постацьцю дзяўчыны
Зьлівала мацеры чэрты.
0, як прыгожы—дзіўны ты
Двайной красы аблік ядыны!
Ажыў у ім твой вечны цэль,
Мадонн тварыцель, Рафаэль!
І прэд высокаю красою,
Увесь зачараваны ёй,
Скланіўся я душой маёй
Натхненнай, радаснай такою,
А ў сэрцы хораша было, —
Там запалілося цяпло.
Дасюль ешчэ яно пылае;
Здаецца — ўмёрло, але ўраз
Праб'ецца зноў і пройшлы час
Прад ім у згадках праступае,
Як пры агню чы цеплаце.
І конь крылаты да Парнаса
Мой дух імчыць тады, каб я
Былое апеваў пасьля.
Ды як знайсьці сьляды Пэгаса
На бруку места? Цяжка ўперш!
Спачынь жэ трохі, верны верш!