Dulce est pro patria mori - салодка памерці за Радзіму. Гэтак кажа лацінскае выслоўе пра герояў, якія ахвяруюць сваё жыццё за Радзіму. Вышэйшая ахвяра! Свабода нараджаецца з крыві герояў. Іх ахвяры недарэмныя, бо жыве іх мілая Радзіма. І ў свае апошнія перадсмяротныя імгненні яны вераць у гэта. Іх подзвіг свяшчэнны, іх імёны для нашчадкаў святыя. Людвік Нарбут - герой паўстання 1863-1864 гадоў, адзін з яго кіраўнікоў - таксама паклаў сваё жыццё на алтар свабоды Радзімы. Не лёс выбраў яго, а ён выбраў свой лёс змагара і абаронцы свабоды.
Інакш і не магло быць, бо ён знакамітага шляхецкага роду Нарбутаў, герба «Тромбы» («Трубы»), дзе жыў дух барацьбы за свабоду Радзімы. Бацька Людвіка, Тэадор Нарбут, быў апантана ўлюбёны ў мінулае роднага краю. Пакінуўшы ваенную службу ў чыне капітана-інжынера расейскай арміі (ён быў адным з аўтараў праекта Бабруйскай крэпасці), Тэадор цалкам прысвяціў сябе вывучэнню гісторыі Літвы-Беларусі. Плёнам яго працы стала дзевяцітомная «Гісторыя літоўскага народа», якая па багацці фактаў з нашай гісторыі і цяпер не мае сабе роўных. Дзеянні мужных і слаўных продкаў ажылі на старонках яго «Гісторыі». Менавіта Тэадор Нарбут знайшоў і надрукаваў славутую кроніку Быхаўца - помнік беларускай літаратуры XVI стагоддзя, якая стала крыніцай сюжэтаў твораў для паэтаў і мастакоў.
Польскія літаратары і гісторыкі сустрэлі працы Нарбута варожа. Іх раздражняла, што Нарбут разглядаў гісторыю Літвы не як частку польскай, а як частку, незалежную ад яе. Такі «ліцьвінскі сепаратызм» палякі не даравалі гісторыку, а вось у Беларусі яго параўноўвалі з апошнім краністам Вялікага Княства Літоўскага Мацеем Стрыйкоўскім. «Нам высвяціў Нарбут нашае мінулае», - пісаў Уладзіслаў Сыракомля, які выхаваў свой ліцьвінскі патрыятызм на кнігах Нарбута. І не ён адзін...
Калі ў 1831 годзе пачалося паўстанне, Нарбут падтрымаў паўстанцаў і распрацаваў план штурму Вільні. А як ваенны інжынер, арганізаваў для іх ліццё гармат.
Вось у такой сям'і 26 жніўня 1832 года ў маёнтку Шаўры Лідскага павета нарадзіўся Людвік. Апрача яго ў Тэадора Нарбута і Хрысціны-Кацярыны з роду Садоўскіх нарадзіліся яшчэ сыны - Аляксандр, Францішак, Баляслаў, Станіслаў і тры дачкі - Яна, Амелія і Тэадора. Калі старэйшыя дзеці вучыліся, то малодшыя бывалі дома. Любімай забавай іх была гульня ў вайну, і ўжо тады яны марылі паходзіць на сваіх герояў. Людвік выступаў у ролі Тадэвуша Касцюшкі, Баляслаў - яго ад'ютанта Юльяна Нямцэвіча, а сястра Тэадора - Эміліі Плятэр. Так вобразы герояў абуджалі ў іх патрыятызм і прагу да подзвігу дзеля Радзімы. Неяк Тэадора спытала: «А што было б, каб я здрадзіла?» Баляслаў адказаў: «Я выракся б цябе». А Людвік не па-дзіцячаму сурова мовіў: «А я ўласнай рукой забіў бы цябе». І ўжо тады юны Людвік нібыта прадчуваў наканаванасць самаахвяры і быў гатовы на яе, разумеў, што за свабоду трэба плаціць вышэйшай цаной - жыццём.
Дух свабоды абудзіў яго! І гераізм яму ўяўляўся ў дзёрзкасці, безразважлівасці, бо так хацелася паказаць сваю смеласць. Аднойчы, калі па дарозе ехаў эскадрон расейскіх коннікаў, Людвік, схаваўшыся ў хмызняку, заспяваў патрыятычны гімн «Ешчэ Польска не згінэла!». Гэта быў выклік акупантам, а яны як бы і не пачулі - не згінэла, дык не згінэла, - і праехалі міма. Крыўдна было, што такі «смелы подзвіг» не даў ніякіх вынікаў. І стала ясна, што паказны патрыятызм зневажаюць нават ворагі. Трэба была сур'ёзная справа - паўстанне! І мара пра гэта з кожным годам сталення больш умацоўвала дух Людвіка. Кім ён будзе? Ведаў цвёрда - паўстанцам. Ужо вучнем лідскай павятовай школы, калі было ад роду каля дзесяці гадоў, сказаў маці: «Матко, праслаўлю сябе я ці зганьбую, бо дзве будучыні прадчуваю: будзе з мяне або вялікі чалавек, або лотра вялікі». Вялікі чалавек - калі паўстанне пераможа, а лотра вялікі для ворагаў - калі яны перамогуць.
Яму не цярпелася дзейнічаць. Але дзе паплечнікі? Сябры-гімназісты, з якімі ён вучыўся ў Віленскай губернскай гімназіі (1846-1850), былі далёкія ад яго памкненняў: апатычныя прыстасаванцы да абставін і часу, яны марылі пра кар'еру чынуш. Аднак былі і змагары, смелыя і мужныя. Аднаго з іх, доктара Анцэнція Рэніера, сябра сям'і Нарбутаў, які ў мінулым быў звязаны з рэвалюцыйнай групай Франца Савіча і Шымона Канарскага, саслалі ў Сібір у 1846 годзе.
У лютым 1848 года ўлады выкрылі патрыятычную арганізацыю. Няшмат іх было, толькі тры чалавекі - Эдвард Ромер, Апалін Гофмейстар, Юзаф Багуслаўскі. Улады наладзілі на страх іншым публічную экзекуцыю біццём палкамі, а пасля, прывязаўшы да воза, правялі па вуліцах Вільні перад тым, як аддаць у салдаты. Уражаны Людвік марыў падзяліць іх лёс. Толькі яго час яшчэ не настаў. Адно ведаў - ён не адзінокі. Такія, як ён, ёсць, іх трэба знайсці, аб'яднаць. І калі ў 1850 годзе Людвік на вакацыях прыехаў дадому ў Шаўры, то родныя не пазналі яго. Не забаўляўся напісаннем вершаў, не дапамагаў бацьку ў яго гістарычных вышуках, быў задумлівы і сур'ёзны. Бацькі ўстрывожыліся: што здарылася з сынам, якія думкі прыгнятаюць яго? Перад ад'ездам у Вільню ён прыадкрыў братам сваю тайну. Сядзеў у садзе, утыкаў у зямлю нож і раптам прызнаўся: «Можа, і мне неўзабаве ўваб'юць таксама нож у сэрца».
Яму не цярпелася, і ён пачаў дзейнічаць. У лістападзе 1850 года Людвік у размове з сябрамі спытаўся, ці любяць яны Айчыну, і, калі пачуў станоўчы адказ, паведаміў, што лідская шляхта гатова да паўстання, і прапанаваў стварыць «Таварыства патрыётаў» з мэтай падрыхтоўкі паўстання, і нават прыдумаў пароль - «Арол і крыж». А сябры спужаліся: усякая праява вальналюбства жорстка каралася, а тут - паўстанне. І каб адхрысціцца ад Людвіка, расказалі пра яго намер школьнаму інспектару, а той адразу ж данёс у паліцыю. Ноччу, у сябе на кватэры, Людвіка арыштавалі. Пры ператрусе знайшлі і ўліку - картку з надпісам «Арол і крыж». Данос пацвердзіўся. Цяпер засталося выбіць у Людвіка прызнанне. Нарбута кінулі ў вязніцу. Паліцыя разлічвала, што некалькі дзён турэмнага зняволення зломяць юнака і ён расплачацца і пакаецца ў сваіх грахах. Не ведалі пра яго вольналюбівы дух, не ведалі, што не юнак перад імі, а змагар за свабоду. Нарбут маўчаў. Тады быў выбраны іншы прыём. Людвіка наведаў сам віленскі генерал-губернатар Іван Бібікаў. Ён ласкавымі словамі хацеў размякчыць душу вязня, бацькоўскім клопатам наставіць на правільны шлях. Не дамогся свайго. Праз колькі дзён Бібікаў ужо то пагрозамі суровай кары, то абяцаннямі дараваць свабоду вымагаў у Нарбута прызнанне. І, раззлаваны на яго маўчанне, загадаў кінуць у падзямелле.
Калі Людвік апынуўся ў падзямеллі, ён у цемры натыкнуўся на нейкія рэчы, якія прыняў за людскія косткі. Уяўленне намалявала, што гэта астанкі народных змагароў, якіх тут замучылі. У рэлігійнай экзальтацыі ён укленчыў перад гэтымі «астанкамі», з плачам пачаў іх цалаваць і адчуў палёгку на душы.
Міналі дні, а вязень маўчаў. Але падзямелле рабіла сваё, спакваля крала сілы і расхіствала волю. Бібікаў ласкава запэўніваў Людвіка, што толькі для дапаўнення пратаколаў трэба напісаць пра прыналежнасць карткі з паролем яму. Трэба толькі выканаць фармальнасць, і Людвік атрымае свабоду. Ён, які хацеў змагацца за свабоду, мог яе купіць, здрадзіўшы сабе..., і прызнаўся, што картка з паролем яго. Бібікаву гэта і трэба было. У Санкт-Пецярбург паляцела дэпеша пра выкрытага небяспечнага змоўшчыка.
Калі ёсць пароль, дык павінна быць і арганізацыя. У гімназіі ішлі допыты. Гімназісты як маглі выгароджвалі сябе. Казалі, што адгаворвалі Нарбута ад яго неразумнага намеру і хацелі самі данесці на яго, але за іх гэта зрабілі Гаварчэўскі і Падгарэцкі (вучні, якія выдалі Людвіка). Перад гэтымі ўлікамі Нарбуту заставалася прызнацца, што хацеў стварыць сярод таварышаў «Таварыства патрыётаў» з мэтай падняць паўстанне, што патрыятычныя пачуцці ўнушаны яму лекарам Рэніерам. 12 лютага 1851 года камісія пры віленскім генерал-губернатару вырашыла, што вучань Людвік Нарбут схіляў сваіх калег да антыдзяржаўных думак, пашыраў сярод іх шкодныя чуткі, таму ён падлягае суровай кары і адданню на суд генерал-губернатара.
Бібікаў забыўся пра сваю ласкавасць і дабрыню і прысудзіў Людвіка да пакарання розгамі і аддання ў салдаты. Калі б ён ведаў, што аддае яго ў школу ваеннага выхавання, што гэты юнак, набраўшыся там ведаў і баявога вопыту, стане гераічным правадыром паўстанцаў то розгамі і абмежаваўся б. Так з-за сваёй жорсткасці царскія ўлады выгадуюць сабе пагрозлівага мсціўцу.
Людвік не быў у адчаі. Што здарылася, тое і здарылася - пра гэта і марыў некалі, калі праводзіў з Вільні Эдварда Ромера і яго сяброў. Мужна сустрэў ён пакаранне. 17 сакавіка ў прысутнасці ўсіх вучняў гімназіі і сваёй сям'і, якую прывезлі на экзекуцыю, Нарбут атрымаў 25 удараў розгамі. Боль трываў моўчкі і гэтай сваёй стойкасцю паказаў знявагу і да ўлады, і да маладушных сяброў. Яны заставаліся зубрыць кніжкі, а ён адпраўляўся вучыцца быць воінам-змагаром. Толькі адчуваў віну перад бацькамі, ведаў, што перажываюць за яго. І пасля экзекуцыі ўкленчыў перад імі, папрасіў благаслаўлення і атрымаў яго.
Свой салдацкі шлях радавы Людвік Нарбут пачаў у Калузе ў палку шостага корпуса пяхоты. Сустрэлі яго насцярожана. Камандзір абразліва абазваў яго палякам-бунтаўшчыком і ў адказ атрымаў аплявуху. Прыніжаць сябе Людвік не дазваляў. Яго арыштавалі і аддалі пад трыбунал. Выратавала Людвіка заступніцтва афіцэраў-палякаў, якія нагадалі трыбуналу пра імператарскі ўказ, якім забаранялася абражаць палякаў, што служылі ў расейскай арміі. Нарбута перавялі ў Ражскі пяхотны полк, які стаяў у Маскве. У складзе гэтага палка Людвік адправіўся на Каўказ.
Паслужному спісу Людвіка Нарбута мог бы пазайздросціць любы афіцэр расейскай арміі. Удзел у 1853-1856 гадах у вайне з туркамі, а пасля да 1859 года - і з горцамі. Нарбут паказаў сябе смелым салдатам. 8 верасня 1855 года за гераізм у бітве з туркамі каля Курук Дара ён атрымаў чын унтэр-афіцэра і як узнагароду - 3 рублі. 29 верасня 1857 года за баявыя заслугі яму надаюць афіцэрскі чын прапаршчыка. Праз год новая ўзнагарода - за «выдатную мужнасць» (як сказана ў загадзе) у паходзе на форт Купрыс-Шаво ён адзначаны ордэнам Св. Ганны IV ступені і памятным медалём Св. Георгія з надпісам «За мужнасць». Так з бунтарнага гімназіста Людвік Нарбут стаў сапраўдным баявым афіцэрам, які ў баях здабыў сваёй мужнасцю і гераізмам афіцэрскія пагоны.
Людвік ніколі не забываў пра Радзіму. У думках ён жыў там. І калі ваяваў, то лічыў, што вучыцца ваяваць за яе свабоду. Як толькі ў 1858 годзе Людвік атрымаў амністыю, то адразу падаў у адстаўку, у якую і пайшоў праз год. Ён не лічыў, што згубіў гэтыя гады жыцця - яны шмат чаму яго навучылі. І перш за ўсё дысцыпліне, вытрымцы і знявазе да смерці.
Дадому, у родныя Шаўры, Людвік вярнуўся ў красавіку 1860 года. Нічога не змянілася ў родным краі за гады яго адсутнасці - край пакорліва нёс ярмо царскай улады, здавалася, ён ніколі не абудзіцца ад летаргіі рабства. Людвік нібыта расчараваўся ў сваіх юнацкіх марах, і яго вольналюбівы дух змірыўся з рэчаіснасцю. За што рвацца на змаганне? За каго класці жыццё? Радзіма пакорліва нясе свой крыж. І няма каму яе абараніць. А адзін ён, хай і воін, хутка загіне ці ад варожай кулі, ці ад здрады паплечнікаў. І Людвік адыходзіць ад рэвалюцыйнага руху. Мала чым адрозніваўся ён ад навакольнай шляхты - жыве абы жыць, і не болей. У годзе Людвік ажаніўся з Амеліяй Седлікоўскай, уладальніцай суседняга з Шаўрамі маёнтка Сербянішкі, і перасяліўся да яе. У іх нарадзілася дачка Марыя, якая памерла немаўлём. Каб зняць душэўны боль, Людвік хадзіў на паляванне, і там, калі трымаў у руках зброю, ажываў яго бунтарскі дух.
На весткі пра маніфестацыі ў Варшаве Людвік коратка адказваў: «Дарэмна траціцца запал». Ён чакаў паўстання. І вось у 1862 годзе брат Баляслаў прывёз яму ў Сербянішкі адозву Цэнтральнага нацыянальнага камітэта ў Варшаве з заклікам да паўстання. Прачытаўшы яе, Людвік зняў са сцяны шаблю і пацалаваў халодную сталь зброі. Яго час настаў! Людвік адразу паехаў у Вільню, дзе сустрэўся з сябрамі Літоўскага правінцыйнага камітэта, які рыхтаваў паўстанне ў Беларусі. Магчыма, сустракаўся з Канстанцінам Каліноўскім. Камітэт не хацеў раскрываць Нарбута - яго баявы вопыт яшчэ спатрэбіцца, а таму яму параілі вярнуцца дадому і чакаць... Гэта была разумная парада, бо за Людвікам пільна сачыла паліцыя і адзін неасцярожны крок мог прывесці яго за краты царскай турмы.
Людвік вярнуўся дадому і пачаў чакаць. А хваля паўстання, якое ў пачатку 1863 года ўспыхнула ў Польшчы, дасягнула Беларусі. У Лідскім павеце захваляваліся сяляне. Карная экспедыцыя падавіла бунт у вёсцы Новы Двор. Пачаліся арышты ксяндзоў, якія зачытвалі рэвалюцыйныя адозвы.
Нарэшце Людвік дачакаўся... 1 лютага 1863 года ў Шаўры прыскакаў вястун з Вільні і перадаў Людвіку намінацыю ад Часовага правінцыйнага ўрада Літвы і Беларусі на чале з Канстанцінам Каліноўскім на ваеннага начальніка Лідскага павета. На сямейнай нарадзе Тэадор Нарбут мовіў, што «трэба аддаць дзяцей на ахвяру Айчыне». Так ён благаславіў сыноў, Людвіка і Баляслава, дачку Тэадору на змаганне за свабоду Радзімы. Мудры гісторык ведаў, што аддае дзяцей на ахвяру Айчыне, бо свабода заваёўваецца крывёю, і кагосьці з іх ён ужо не дачакаецца. А на Валыні будзе змагацца яшчэ адзін яго сын - Францішак. Сумным было развітанне. І каб забыцца, чыталі «Карлінскага» Ўладзіслава Сыракомлі. Вечарам Людвік у суправаджэнні Баляслава назаўсёды пакінуў родны дом. На развітанне ён пакляўся: «Прысягаю вам, родзічы, што дадому пераможаным не вярнуся». Калі Тэадора спытала Людвіка, ці перажываў бы ён, калі б яе схапілі, прагучаў, можа, і жорсткі, але шчыры адказ: «Не час думаць пра ружы, калі гараць лясы». Людвік быў гатовы на любыя ахвяры дзеля запаветнай мары - свабоды Радзімы.
Свой лагер Нарбут разбіў у маёнтку Сербянішкі. Спачатку ў яго атрадзе было толькі шэсць паўстанцаў, але вера ў перамогу вяла іх на бой за свабоду. Сюды сцякаліся паўстанцы, якіх прысылаў павятовы рэвалюцыйны камітэт на чале з Канстанцінам Геншалем. Ёсць меркаванне, што ў атрад Нарбута ўступіў і Францішак Багушэвіч, які настаўнічаў у маёнтку Доцішкі непадалёк ад Шаўраў. Усяго сабралася каля 250 чалавек. Нарбут падзяліў іх на плутонгі стральцоў, узброеных дубальтоўкамі, карабінераў, касінераў і конніцы. Камандзірамі плутонгаў сталі былыя афіцэры расейскай арміі Аляксандр Скавінскі, Уладзіслаў Пілецкі, Уладзіслаў Мікалай, Уладзіслаў Навіцкі, Антоній Клімантовіч. Не хапала зброі, пораху і іншага вайсковага рыштунку. Некалькі разоў, рызыкуючы быць схопленай, Тэадора прывозіла з Вільні стрэльбы, порах, кулі, нават невялікую гармату. Паўстанцы - сяляне, шляхецкая моладзь - не мелі ніякіх ваенных навыкаў. Таму Людвік бязлітасна іх муштраваў: хоць чаму-небудзь з ваеннай справы іх трэба было паспець навучыць.
Адразу Людвік Нарбут устанавіў у атрадзе суровую дысцыпліну. Двух марадзёраў, якія абрабавалі пробашча, загадаў закапаць жывымі ў зямлю. Маладога 20-гадовага паўстанца Навіцкага за тое, што той заснуў на пасту, прысудзілі да расстрэлу. Толькі заступніцтва атраднага капелана ксяндза Стэфана Гарбачэўскага выратавала яго ад смяротнага прысуду. Нарбут пашкадаваў юнака, але з умовай загладзіць віну гераізмам у баі. І ў першым баі ён гераічна загінуў.
Ад Каліноўскага Нарбуту прыйшоў загад звязацца са слонімскімі паўстанцамі і, калі дазволяць мясцовыя акалічнасці, прабівацца ў Менскае ваяводства. «Вам рэкамендуецца дзейнічаць энергічна і рашуча ў адпаведнасці з дадзенымі інструкцыямі», - загадваў Каліноўскі.
Але ў Нарбута быў свой план дзеянняў. Напрыканцы лютага атрад выправіўся ў паход праз Начу-Еўшышкі да Рудніцкай пушчы. Па дарозе ў вёсках Людвік зачытваў маніфест Часовага рэвалюцыйнага ўрада аб скасаванні павіннасцей і перадачы сялянам зямлі. Сяляне насцярожана ставіліся да маніфеста. Царскі штык быў куды больш мацнейшым аргументам, чым распараджэнне нейкага там самазванага ўрада ў Варшаве.
Нарбут хацеў ускалыхнуць край, прымусіць паверыць у сілу паўстанцаў. У яго планах было напасці на Вільню, захапіць яе і падняць народ на паўстанне. Пэўна, толькі безразважлівы камандзір мог адважыцца на такое з такімі малымі сіламі. Толькі часта там, дзе не хапае сілы, дапамагае смеласць. Пэўна, на гэта і разлічваў Нарбут, а яшчэ на нечаканасць. Але віленскі генерал-губернатар Уладзімір Назімаў ужо ведаў пра атрад Людвіка Нарбута і выслаў супраць яго войскі.
У Рудніцкай пушчы Нарбут разбіў лагер. Разведчыкі данеслі, што ў Руднікі ідуць расейскія войскі. Гэта былі атрады штабс-капітана Струкава (батальён пяхоты і палова эскадрона ўланаў) і палкоўніка Вітберга (батальён пяхоты і 30 казакаў). Сілы царскіх войск удвая пераўзыходзілі сілы паўстанцаў. Тым не менш Нарбут вырашыў даць карнікам бой. За ворагам сіла, а за паўстанцамі праўда! А значыць, не варта ім баяцца ворага.
Нарбут выкарыстаў тактыку партызанскай барацьбы, якую добра ведаў па вайне з горцамі. Ён вырашыў заманіць непрыяцеля ў засаду, нечаканым ударам разбіць яго. 25 лютага на Віленскі тракт у бок Руднікаў Людвік выслаў плутонг карабінераў на чале з Аляксандрам Скавінскім. Асноўныя сілы (2 плутонгі стральцоў) ён схаваў у засадзе на беразе Мерачанкі, за штабялямі бярвёнаў, падрыхтаваных для сплаву. А плутонг касінераў з ксяндзом Гарбачэўскім размясціў у суседнім лесе.
Бой пачаўся пад вечар. Плутонг Скавінскага атакавалі казакі. Адстрэльваючыся з карабінаў, паўстанцы адступілі і навялі казакаў на агонь засады. Тыя павярнулі назад. Неабстрэленыя ў баях паўстанцы паверылі ў лёгкую перамогу і, не слухаючы загадаў афіцэраў, кінуліся праследаваць казакаў. Між тым падышоў з атрадам Вітберг, а з друтога боку (лідскага накірунку) атрад Струкава. Паўстанцы вымушаны былі адступаць. Нарбут не адседжваўся ў тыле і кіраваў адступленнем. Яго цвёрды і ўпэўнены голас стрымліваў паўстанцаў ад уцёкаў. А смерць была побач - адна з куль трапіла ў каня, на якім ехаў Людвік, і забіла яго. Людвік, хоць і ўпаў разам з канём, імгненна падняўся і па-ранейшаму ўпэўнена кіраваў паўстанцамі. Яны зноў схаваліся за штабялі бярвён і адтуль агнём сустрэлі непрыяцеля. Царскія войскі пачалі штурм, і калі, здавалася, яны ўжо былі блізкія да перамогі, Нарбут даў знак ксяндзу Гарбачэўскаму. З лесу ў фланг карнікам ударыў плутонг касінераў. Бой закіпеў з новай сілай. Але, як толькі апусцілася начная цемра на зямлю, карнікі адступілі ў Руднікі. Першы бой паўстанцаў закончыўся іх перамогай. Яны страцілі 4 чалавекі забітымі і некалькі параненымі. Страты царскіх войск у афіцыйных зводках не падаваліся, пэўна, каб не прызнаць праўды пра паразу.
Шум бою быў чуваць і ў Вільні. Імгненна горад абляцела пагалоска пра перамогу Нарбута. У касцёлах урачыста загучалі званы, славячы подзвіг паўстанцаў. А віленскі гарнізон падняўся па трывозе і ў баявой гатоўнасці чакаў набліжэння атрада Нарбута. Аднак Людвік рэальна ацэньваў свае сілы і разумеў, што горад яму не ўзяць, а таму павёў атрад у глыб Рудніцкай пушчы.
Наступным днём Вітберг з прысланай з Вільні дапамогай палез у пушчу шукаць Нарбута. А таго і след прастыў. Зрабіўшы імклівы марш, паўстанцы 10 сакавіка па дарозе ў Нацкую пушчу напалі на атрад салдат і некалькі з іх забілі. Назімаў устрывожыўся. Дзеянні Нарбута каля самой Вільні не толькі бударажылі душы віленцаў-патрыётаў, але ўвогуле маглі запаліць вогнішча паўстання ва ўсім Віленскім краі. Супраць Нарбута зноў былі пасланы войскі - атрад з Паўлаўскага гвардзейскага палка пад началам палкоўніка Епіфанава.
Разведчыкі своечасова данеслі Нарбуту пра атрад Епіфанава. Людвік павёў атрад у Дубіцкую пушчу. Не знайшоўшы паўстанцаў, Епіфанаў рапартаваў генерал-губернатару пра сваю перамогу. І вось ужо ў «Віленскім весніку» паведамляецца, што «банда Нарбута канчаткова рассеяна, ён сам і кс. Гарбачэўскі ўцяклі ў Царства Польскае».
Зарана ўзрадаваліся ворагі. «Банда Нарбута» не была разбіта, наадварот, у яе шэрагі ўліваліся новыя паўстанцы. Спрыяла гэтаму і слава правадыра паўстанцаў. Увесь край абляцела імя Людвіка Нарбута. У ворагаў яно выклікала злосць і нянавісць, а ў патрыётаў радасць і захапленне. З Горадні да Нарбута выправілася цэлая партыя добраахвотнікаў на чале з былым капітанам расейскай арміі Леонам Кульчыцкім, які служыў начальнікам станцыі Парэчча. Ён спецыяльна падрыхтаваў цягнік, каб на ім вывезці паўстанцаў з горада. Але маладыя сарвалі справу. На станцыі Парэчча паўстанцы абстралялі салдат. І, як на бяду, нехта адчапіў састаў, а машыніст на ўсіх парах пагнаў цягнік. Састаў быў акружаны, 45 паўстанцаў трапілі ў палон і былі сасланы ў Сібір. Толькі некалькі гарадзенцаў з капітанам Кульчыцкім дабраліся да лагера Нарбута, які перанёс яго ў Гарадзенскую пушчу.
Са стратамі дабралася да Нарбута і партыя віленскіх добраахвотнікаў у 60 чалавек. 21 сакавіка ў маёнтку Міткішкі на іх напалі царскія салдаты і разбілі іх - 17 чалавек загінулі. Рэшткі партыі на чале з мастаком Міхалам Эльвірам Андрыёлі ўліліся ў атрад Нарбута. Людвік назначыў Андрыёлі начальнікам штаба. Але за ваеннымі клопатамі Андрыёлі не забываў пра мастацтва. І дзякуючы яму мы можам цяпер убачыць карціны жыцця атрада Нарбута - гэта мастацкі летапіс яго паўстанцкіх дзеяў.
Кароткая перадышка неўзабаве закончылася. Па загаду Назімава на пошукі «банды Нарбута» выступіў з Ліды атрад капітана Цімафеева. З Горадні выйшаў атрад палкоўніка Вернера. Агульныя сілы царскіх войск складалі каля 800 чалавек, - цяпер яны амаль утрая пераўзыходзілі сілы паўстанцаў. Нарбут умела манеўраваў, яго было нялёгка знайсці і разбіць. З Гарадзенскай пушчы ён павёў атрад пад Шчучын. Цімафееў натрапіў на след Нарбута і пайшоў у пагоню, жадаючы выгнаць паўстанцаў на атрад Вернера. Каля маёнтка Дубічы ў Лідскім павеце карнікі дагналі паўстанцаў. 11 красавіка адбыўся бой паміж маёнткамі Дубічы і Глыбокае. Мясцовасць не спрыяла Нарбуту, не ведаў ён і пра колькасць непрыяцеля, але вырашыў даць бой. У сваім рапарце Нарбут пісаў: «Бог благаславіў нашу зброю. Вораг, маючы пераўзыходзячыя сілы і дасканалую браню, пачаў наступаць. Я, бачачы, што магу быць акружаны, загадаў адступленне, якое вельмі шчасліва правёў, бо на вачах ворага пад стралянінай адступалі полем 6 вёрст. Страцілі ў баі 1 забітага і 5 параненых, з боку ворага 15 забітых і 13 параненых, паміж імі адзін ад'ютант і палкоўнік паранены». І Людвік не завышаў нанесеныя ворагу страты. Сапраўды, яны былі адчувальныя, бо наступным днём замест таго, каб праследаваць Нарбута, Цімафееў хаваў забітых, хоць у рапарце ён пісаў, што «з нашага боку забіта 2, паранена 5 шэраговых, забітых паўстанцаў каля 25 чалавек». Адзначаў ён і тое, што адступленне мяцежнікаў «суправаджалася моцным і трапным агнём і рабілася з такім выдатным прыстасаваннем да мясцовасці, што стралкі нашы маглі страляць толькі на дым...».
Зноў Назімаў цешыў сябе надзеяй, што «банда Нарбута» разбіта, і даносіў у Пецярбург: «...ужо ўсё скончана, у Літве парадак адноўлены, застаўся адзін Нарбут і той, калі не ўзяты ў палон, то яго, напэўна, паглынулі хвалі Нёмана». Як бы ні цешыў сябе Назімаў «перамогай» над Нарбутам, ды толькі не быў упэўнены ў ёй. Таму на лоўлю «банды Нарбута» кінуў вялікія сілы - каля 2000 салдат. Царскія войскі акружылі Нацкую пушчу, дзе знаходзіўся атрад Нарбута. Непрыяцель ніяк не мог знайсці лагер Нарбута. Сяляне не выдавалі свайго змагара. «Ні пагрозы, ні абяцанні не дзейнічаюць на іх», - наракаў палкоўнік Вернер. Нарэшце пад катаваннямі мясцовы ляснік Нядзведзкі згадзіўся правесці карнікаў да лагера паўстанцаў. 20 красавіка Вернер рушыў з войскам да вёскі Кавалькі, каля якой ва ўрочышчы Лактуць стаяў атрад Нарбута. Перадавы атрад царскай пяхоты сустрэў агнём плутонг У.Пілецкага. Карнікі пайшлі ў атаку, але былі адбіты. Яшчэ два разы яны хадзілі ў атаку і ў запале бою не заўважылі, што трапілі ў акружэнне. Даведаўшыся пра гэта, Вернер кінуў у бой дадатковыя сілы і вызваліў сваіх. Але багна не дазваляла яму атакаваць лагер Нарбута. Між тым з боку вёскі Дубічы падышоў яшчэ адзін атрад карнікаў пад началам падпалкоўніка Мантаўфала і з гарматы абстраляў паўстанцаў. Пад ціскам пераўзыходзячых сіл, карыстаючыся сутоннем, Нарбут у баявым парадку адступіў і павёў атрад у Дубіцкую пушчу.
Гэты бой апісаў Міхал Эльвіра Андрыёлі: «Акружаныя і заціснутыя маскалямі, якія мелі за справу гонару разбіццё аднаго аддзелу, які меў славу на Літве, цэлую ноч адступалі без дарог, змучаныя, галодныя, замёрзлыя. Ксёндз Гарбачэўскі, Краінскі, Нарбут і праваднік са свечкаю ў руках шукаюць дарогі па пушчы. Мы парамі, хістаючыся ад стомы і сплючы на маршы, чапляючыся за калоды і вываратні, сунемся следам за агеньчыкам. Бываюць хвіліны, што нашы праваднікі губляюцца ў вялізарнай пушчы, кажуць аддзелам спыніцца, а самі разыходзяцца шукаць слядоў дарогі: тады адны стоячы, другія прысеўшы, іншыя абапёршыся зноў засынаюць чуткім сном. Зноў каманда: «Марш» - і цягнецца сонная, змучаная дружына.
Пад раніцу, пераканаўшыся, што кружым вакол, кідаем асцярожнасць і галодныя спыняемся недалёка ад хаты лесніка ва ўрочышчы Лакштунцы. Пра выбар пазіцыі няма гаворкі. Бо мы думаем, што маскалі, збітыя нашым начным бадзяннем, пакінуць нас у спакоі. Затрымаліся ў сярэдзіне вялізнага лесу, маючы за сабой балота, а перад вачамі невялікую прасеку, цераз якую вілася сцежка да лесніка. Сонца начынае прыпякаць, пад адзінаццаць раніцы становіцца горача. Кожны размясціўся, як мог, захоўваючы, аднак, баявую лінію, павернутую фронтам да прасекі. Адны спяць, другія ядуць, іншыя выграваюцца на сонцы, некаторыя чытаюць кніжкі альбо лісты.
Каля друтой пазіцыі ад паўдня зменены пікеты, цішыня ў лагеры нечуваная, чуцён піск мух і камароў. Нарбут на хвіліну адышоў за зараснік, звыклая пільнасць на гэты раз аслабла, цяпло і стома апанавалі ўсімі.
Раптам стрэл здалёку, а за ім два іншыя, «за зброю, за зброю!». Нарбут ужо паміж намі. Забурліла, як у катле, падхопліваюцца задрамаўшыя... пытанні, неспакой, замяшанне. Толькі начальнік спакойны, гаворыць пасунуцца наперад на 300 крокаў і заняць баявую лінію па трое ўздоўж краю лесу і прасекі.
Пераканаліся тады, што можа халодная адвага аднаго чалавека. Усе, хвіліну назад трывожныя, неспакойныя, гатовыя ўцякаць, зараз прытомныя, зручна пазаймалі прызначанае сабе месца. Касінеры з афіцэрам у баявой калоне залеглі праз 200 крокаў за стралкамі. Тыя ж, хаваючыся за пнямі і ў кустах, галавой наперад з руляй перад сабой і пальцам на пуску, чакалі каманды да стральбы, а здалёку ўжо гралі маскоўскія трубы баявы сігнал: «Рассыпались молодцы! За камни, за кусты, по два в ряд!» Знаёмы той сігнал дагэтуль гучыць у вушах. У лесе, дзе кожны куст, кожнае дрэва хавае засаду, дзе ніколі нельга палічыць непрыяцеля, дзе кожнаму здаецца, што толькі ён і некалькі бліжэйшых яшчэ бароняцца, а рэшта ўжо ўцякла, дзе рэха сто разоў паўтарае стрэлы і рык маскалёў, а небяспека, здаецца, атачае з усіх бакоў - вайсковая труба робіць немалое ўражанне. «Пане Пілецкі, - гукае Нарбуг, - вазьмі 10 чалавек і марш на рэкагнасцыроўку, - а праз хвіліну: - Калі ласка, не рызыкуй». Пілецкі, былы студэнт Пецярбургскага ўніверсітэта, смелы, талковы, разважлівы, а прытым ветлівы і далікатны хлопец, быў улюбёнцам усяго аддзелу. Яму то Нарбуг давяраў найрызыкоўнейшыя справы, пэўны ў тым, што з іх смела і разважліва выйдзе.
Пасля адходу Пілецкага наступіла ціша, якой нават маскоўская труба не прарывала. Толькі сэрцы біліся хутчэй. Нарбут перабягае ўздоўж усёй лініі з шашкай у адной і шапкай у другой руцэ, спыняецца, слухае і зноў выглядае, ці ўсе на месцы.
Страшную цішу неспадзявана разрываюць выбухі некалькіх стрэлаў, загралі трубы і даляцела: «Ура-Ура», якое лес падхапіў і на тысячу таноў паўтарыў. Зашамацелі кусты і з стрэльбамі, якія яшчэ дыміліся, выскачылі нашы рэкагнасцыроўшыкі. Твары белыя, дыханне прыспешанае: «Пане начальнік! Ідуць шасцёркамі, лінія вялізарная, займаюць крылы!» - Добра! На месца! Ціха... ніякіх галасоў! Хто крыкне - расстраляю! Страляць прыцэльна! Чакаць, пакуль не загадаю! Каб мне ніхто не піскнуў! А ад стрэлаў маскоўскіх здавалася, што ломіць лес, кулі капаюць зямлю. Ужо сям-там чуваць: «Езус, Марыя! Правядзіце мяне на воз!» Але загадана не страляць. І кожны сэрцам, што гучна б'ецца, з стрэльбай наперад чакае, пакуль яму пакажацца маскаль.
Гулка грыміць лес. Стрэлы і крыкі ў 100 раз гусцейшыя і бліжэйшыя, ломяцца галіны, чуваць марш цяжкай масы. Праз хвіліну ўбачым маскоўцаў, а перад намі прасека, ціхая аблітая сонцам.
Замігалі шэрыя шынялі, бліснула зброя і белыя акруглыя аблочкі на фоне лесу. Маскалі займаюць супрацьлеглы край прасекі. Хаваюцца за дрэвы, але наперад, нягледзячы на загады афіцэраў, не рухаюцца. Відаць, іх непакоіць ціш з нашага боку. Нарэшце з трэскам і стрэламі рухаюцца шасцёркамі. Была то хвіліна збавення, сэрцы біліся гвалтоўна, яшчэ 40 крокаў, і вытнуць у штыкі, але раздаўся знаёмы нам моцны голас: «Агонь, хлопцы, усёй лініяй!» І ад канца да канца праляцеў выбух больш сотні стрэлаў, а потым ціша і дым.
Зноўку граюць трубы і чуваць маскоўская каманда, зноўку грымяць стрэлы і «Ура, вперёд, ребята!». Ломяцца кусты. Прымушаныя гнаныя сілай паслушэнства, кідаюцца маскалі галавою ўніз з штыкамі наперад. Ужо, ужо сядзяць нам на карку. Яшчэ хвіліна - і ўсе кінемся наўцёкі. Але на выгук «Агонь, прыцэльна!» запаляюцца 150 стрэльб на нашай лініі. Воблака дыму закрывае ўсё, уціхае трэск, чуваць толькі енкі раненых і канаючых з абодвух бакоў.
Але не доўга трывае цішыня, падходзіць падмога. Зноў заенчыў лес, стрэлы, крыкі, паніка... Даём агню некалькі разоў, яшчэ трымаемся. Раптам пабегла левае крыло, зламанае націскам маскалёў, стараемся ўтрымацца, але ўжо позна. Кідаемся направа, за малое балотца, дзе ўсё фармуецца вакол начальніка. ...Агонь аддаляецца, чуваць толькі адзіночныя стрэлы, галасы ціхнуць, лес замаўкае, ціша, але як адрозніваецца ад ранейшай. Бітва скончылася. Пунцовае сонца села за лесам. Здалёк даходзіць да нас глухі шум размоў, водгалас трубы і ад часу да часу далёкі стрэл. Ноч...»
Цяпер страты карнікаў былі яшчэ больш значныя - 42 забітых і некалькі дзесяткаў параненых. «Віленскі веснік» замоўчаў гэтую паразу і напісаў, што «з боку войска забітых не было, цяжка параненых - 9». А каб яшчэ больш паказаць мужнасць царскіх ваяк, газета неймаверна павялічыла колькасць атрада Нарбута: «У бандзе было 600 чалавек, узброеных пераважна карабінамі і вінтоўкамі». Нават вось і такой прымітыўнай хлуснёй улады змагаліся супраць паўстанцаў. Яны страцілі 7 забітымі і 5 параненымі. Але для Людвіка гэта перамога была азмрочана смерцю сваяка, Войцеха Нарбута. І ўсё ж ён радаваўся. Яшчэ ніколі паўстанцы не білі так ворага... А той лічыў Нарбута «чараўніком», надзеленым звышчалавечай сілай - ні злавіць яго, ні куля яго не дастае, і заўсёды ён перамагае. Пэўна, іх чакала б расчараванне, каб увачавідкі ўбачылі гэтага «чараўніка». «Быў невысокага росту, шчуплы, бландзін, лысаваты, з меланхалічным выразам на твары, вялікі здаровы розум, пачцівасць, міласць да людзей - гэта былі яго галоўныя якасці, малагаваркі, сціплы ў зносінах, заўсёды гатовы кожнаму дапамагчы, быў усімі любімы на ўзор свайго бацькі» - так апісвае Людвіка яго брат Баляслаў.
І ўсё ж тое, што адрознівала Людвіка Нарбута ад многіх людзей, - гэта дух свабоды, што загартаваў яго мужнасць і вызначыў лёс. А сакрэт перамог паўстанцаў Нарбута быў у выдатнай арганізацыі і ўмелай тактыцы бою. Палкоўнік Алхазаў пісаў: «Гэтая шайка добра ўзброена і арганізавана, падчас бою высылае ланцуг стральцоў і дасканала выкарыстоўвае мясцовасць, нават робіць засекі для асабістай абароны, не маючы лагераў, лёгка ўзброеная, ведаючы ваколіцы, займае ў лясах цяжка даступныя пазіцыі. Пры сутыкненні з войскам хоць не чыніць вялікага адпору, але сустракае войска з добрага ўкрыцця ў пушчы, зноў займае новую пазіцыю, і такім чынам войска наша, не маючы магчымасці праследаваць іх у густым лесе, можа панесці непатрэбныя страты. Пры арганізаваным націску нашых войск бунтаўшчыкі не абараняюцца, разбягаюцца ў розныя бакі і зноў збіраюцца ў глыбіні пушчы». І як мог Назімаў перамагчы гэтага няўлоўнага «чараўніка» і яго «шайку»? Кінуць на яго ўсе сілы, што былі пад рукой? Але можна было разбіць яго «шайку», а самога правадыра і не злавіць. І генерал-губернатар назначыў вялікую суму ўзнагароды таму, хто заб'е Нарбута. Аднак ахвотнікаў не знайшлося, і здраднікаў у атрадзе Людвіка таксама не было. Заставалася акружыць яго, як ваўка на аблаве, і расправіцца з ім. А каб сяляне не падтрымлівалі Нарбута, Назімаў вырашыў іх запалохаць. Вёскі, якія прымалі атрад Людвіка, палілі, а вяскоўцаў гналі ў Сібір. Такі горкі лёс напаткаў вёскі Паддуб'е, Кракшле, Зубрава і Лініцу. Аднак гэтыя меры Назімава для царскага ўрада здаваліся занадта мяккімі, цар быў незадаволены ім, бо не мог дараваць яму крамольныя заявы, што калі расейцам так кепска ў Беларусі, то яны могуць пакінуць гэты край. Вось цяпер трэба было паказаць адданасць трону. А як? Разбіць «банду Нарбута», якая раскідвала па ўсяму краю іскры паўстання.
Пакуль Назімаў збіраў новыя сілы для чарговага знішчэння «банды Нарбута», атрад перайшоў у Гарадзенскую пушчу і ва ўрочышчы Зубрава над Котрай цэлы тыдзень рыхтаваўся да баёў. На жаль, па дарозе царскія войскі 21 красавіка каля вескі Станіўцы разбілі аддзел Чудоўскага, які страціў 12 чалавек забітымі і 3 палоннымі.
Хаваючыся па лясах, Людвік не ведаў, што робіцца ў вялікім свеце, як увогуле ідзе паўстанне. А між тым пра яго перамогі гаварылі не толькі ў Літве, але і ў іншых краінах. Часовы нацыянальны ўрад у Варшаве прысвоіў яму званне палкоўніка, а землякі прасілі Часовы ўрад Літвы і Беларусі ўзнагародзіць яго ад імя Лідскага павета залатой шабляй. У далёкім Парыжы, куды таксама даляцела слава Людвіка Нарбута, парыжане збіралі грошы для ганаровага падарунка слаўнаму паўстанцкаму правадыру. Паўстанцкае выданне «Ведамасці з поля бітвы» ўзнёсла пісала пра Людвіка Нарбута: «Ужо трэці месяц, як гэты мужны партызан штодня вядзе баі са шматлікімі маскоўскімі войскамі, акружаны з усіх бакоў, і заўсёды выходзіць пераможцам».
Не ведаў Нарбут, што дапамогі чакаць няма адкуль. Атрад Караля Шалевіча, які павінен быў прыйсці з Наваградскага павета яму на дапамогу, так і не быў сфармаваны.
Тым часам Назімаў выслаў супраць Нарбута генерал-маёра Мікалая Вельямінава на чале Паўлаўскага палка пяхоты, двух батальёнаў стральцоў, эскадрона ўланаў Курляндскага палка, эскадрона драгунаў лейб-гвардыі, сотню казакаў - усяго каля 3 тысяч чалавек. Гэтую сілу падтрымлівала артылерыя ў 6 гармат. У Нарбута на той час было толькі каля 120 паўстанцаў - частка атрада з-за хвароб і стомленасці разышлася па дамах. Атрад знаходзіўся ў Дубіцкай пушчы каля вескі Дубічы*, што над рэчкай Котрай. Месца для лагера Людвік выбраў надзейнае - з аднаго боку доступ да яго перагароджвала возера Пеласа, а з другіх - балота. Трапіць у лагер можна было толькі па кладцы, якую паўстанцы пільна ахоўвалі. Людвік адчуваў сябе ў бяспецы. А кола аблавы ўсё шчыльней звужалася. У Дубічах спыніўся атрад у 700 салдат пад камандай капітана Цімафеева, які разаслаў разведчыкаў на пошукі лагера паўстанцаў. Перад сваёй апошняй бітвай Нарбут праз вестуна атрымаў ад Часовага нацыянальнага ўрада назначэнне на пасаду галоўнага правадыра збройных сіл Вялікага Княства Літоўскага. Толькі гэтых сіл было не тое што мала - іх амаль не было. І гэта засмучала Людвіка. Пэўна, ён зразумеў, што паўстанне асуджана на паразу, а сам ён - на смерць. І калі сястра Тэадора хацела падараваць яму новую чамарку, Людвік з сумам сказаў: «Не дадзена мне яе знасіць, крук ужо закаркаў над маёй галавой». Сапраўды, на вершаліне дрэва злавесна каркаў крумкач. Людвік хацеў уберагчы сястру ад смерці і адправіў яе дадому. «Не даю табе ніякіх загадаў, вяртайся той самай дарогай». Паслаў падалей ад кулі ў Троцкі павет да правадыра тутэйшых паўстанцаў Фелікса Віславуха і 17-гадовага брата Баляслава. Адно сагравала яго душу. У лісце да жонкі («Мой анёлак, радасць няскончаная») Людвік пісаў: «Бог ласкавы, Маці яго святая, што дбае над нашай Літвой, можа, дазволіць дачакацца той хвіліны шчаслівай, што зноў будзем вуркатаць, кахаць і дзякаваць Творцу найвышэйш<