Каб на іх паглядзець, трэба будзе заплаціць 4,5 долары за ўваход.
Юбілейны
дваццаты фэст маладой беларускай музыкі “Басовішча” стартуе 17-га
ліпеня ў польскім Гарадку. Новыя арганізатары фэсту Кася Кузміч і
Мажэна Саевіч распавялі Еўрарадыё пра падрыхтоўку і асаблівасці
сёлетніх “Басоў”, а таксама будучыя перспектывы фэсту.
Паводле
слоў Касі Кузміч, спіс выступоўцаў Басовішча-2009 цалкам складзены. На
фестывальнай пляцоўцы выступяць 20 гуртоў: пераможцы конкурсу розных
гадоў, госці і хэдлайнеры:
Кася Кузміч: “Была
ўвогуле вялікая праблема, каб скласці праграму, таму што ў гэтым годзе
ёсць 20 гуртоў. Гэта сапраўды шмат. Гурты, якія ўпершыню прыедуць на
фэст, можа, трошкі пакрыўджаныя, бо маюць менш часу чым
гурты-хэдлайнеры "Басовішча". Усё гэта проста залежнасці ад абставін”.
Адмысловых
пажаданняў да ўдзельнікаў юбілейнага "Басовішча" ў арганізатараў не
было. Хіба што некаторыя гурты самі вырашылі “трахануць мінулым”. Гурт
N.R.M. , напрыклад, выступіць на фэсце ў рэтраспектыўным вобразе Мроі.
Крама плануе заспяваць некалькі песень Бонды. З некаторымі гуртамі
арганізатарам, па словах Касі, давялося дамовіцца наконт адмысловай
праграмы:
Кася Кузміч: “Калі казаць пра
спецыяльныя дамовы, дык з гуртом “ДзеціДзяцей” мы дамовіліся наконт
таго, каб яны сыгралі цалкам беларускамоўную праграму. Тое самае
адбылося і з гуртом “Жнюв””.
Як адзначае Кася, 17-га ліпеня фэст
распачнецца а 19-й гадзіне. Афіцыйная частка адкрыцця адбудзецца ў
20.00. 18-га ліпеня а 17-й гадзіне рушыць другі дзень фэсту. Цягам
абодвух дзён канцэрты будуць доўжыцца да глыбокай ночы – ажно да паловы
на трэцюю. Гэтая акалічнасць зусім не палохае арганізатараў.
Кася
Кузміч: “Раней здаралася, што канцэрты доўжыліся і да чацвёртай раніцы.
Сёлета позна выступаюць тыя гурты, якіх публіка "Басовішча" вельмі
добра ўспрымае”.
Па словах Мажэны Саевіч, квіток на “Басовішча”,
што ўключае ўваход на канцэрты і месца ў намётавым гарадку, будзе
каштаваць усяго 15 польскіх злотых, каля 4,5 долараў (раней ён каштаваў
10 злотых - ЕРБ). Як звычайна будуць разгорнуты кропкі харчавання.
Апроч таго з’явіцца месца, дзе гледачы змогуць зарадзіць мабільны
тэлефон:
Мажэна Саевіч: “У гэтым годзе мы хочам
зрабіць месца, дзе будзе можна зарадзіць нашы мабільнікі. Гэта магчыма
пры наяўнасці квітка, які будзе каштаваць 15 злотых на 2 фестывальныя
дні”.
Апроч канцэртаў гледачы дваццатага "Басовішча" маюць
магчымасць акунуцца ў мінулае фэсту дзякуючы фотаздымкам, відэа,
фільмам, якія будуць дэманстравацца ў адмысловым намёце. Таксама на
“Басах” можна будзе набыць традыцыйныя майкі і іншыя рэчы з новым
лагатыпам, які распрацаваў у гэтым годзе беластоцкі графік Юрка
Асеннік, які мае сваю гісторыю ўзаемаадносінаў з "Басовішчам".
Паступова новыя арганізатары абяцаюць зварухнуць фестываль з мёртвай кропкі:
Кася Кузміч: “Мы
будзем рухацца паступова. Адна-дзве новыя рэчы ў год. Каб гэта не была
рэвалюцыя. Каб не атрымалася сапсаваць таго, што ёсць. Будзем рабіць
асцярожныя крокі”.
Фестываль "Басовішча" вядзе сваю гісторыю з
1989-га года, калі на адной з маёвак БАСу ўзнікла ідэя вялікага фэсту
беларускай музыкі. На імпрэзе прысутнічалі беларускія музыкі, спяваліся
беларускія песні. У наступным 1990-м годзе адмыслоўцы знайшлі месца пад
фэст, і з гэтага часу пачаўся адлік фестывалю. Нягледзячы на тое, што
сёлета фэст пройдзе ў 20-ы раз, асноўныя мерапрыемствы арганізатары
рыхтуюць на наступны юбілейны год.
Кася Кузміч:
“Я спадзяюся, што ў наступным годзе атрымаецца зрабіць тры дні фэсту,
можа нават і больш. Мы збіраемся выдаць альбом фотаздымкаў пра
"Басовішча". Таксама CD і DVD - дыскі з запісамі папярэдніх фестываляў”.
Абноўленая праграма ПЯТНІЦА 17.07.2009 19.00 - 2.30
19.00 Жнюв
19.30 Тарпач
20.00 АДКРЫЦЦЁ ФЭСТЫВАЛЮ
20.10 SOK
20.45 BAN-ZHVIRBA
21.25 B:N
22.15 RIMA
23.05 ZERO-85
00.00 Зьніч
00.50 IQ48
1.40 Сцяна
СУБОТА 18.07.2009 17.00 - 2.30
Адмысловая праграма з нагоды юбілею
(выстава, запісы з ранейшых фестываляў)
17.00 Рахіс
17.35 Босае Сонца
18.15 ДзеціДзяцей
19.00 OSIMIRA
19.45 Палац
20.30 Крама + Бонда
21.30 LAO CHE
23.00 Нейра Дзюбель
23.50 ULIS
00.50 N.R.M. + Мроя
Афіцыйны сайт фэста:
www.basowiszcza.org.