(“Гоман Барысаўшчыны” №10(115) за 2008 год)
Менавіта
так зараз выглядае месца, дзе раней знаходзілася школа №4. Нагадаем,
што гэты будынак быў узведзены ў 1936 годзе і па прызначэнню
выкарыстоўваўся да 1991 года. Пасля закрыцця школы яе будынак і яго
гаспадарчыя інфраструктуры былі ў добрым стане. Аднак ён быў пакінуты і
разрабаваны. У выніку апошнім часам яго стан стаў настолькі
небяспечным, што трагедыя ля яго магла адбыцца ў любы момант. Таму было
вырашана з дапамогаю спецыялістаў Міністэрства па надзвычайных
сітуацыях яго знішчыць. Працы пачаліся яшчэ напрыканцы жніўня. Не
скончыліся яны цалкам і зараз. Але ўжо ад былога будынка школы
засталіся толькі горы будаўнічага смецця...
Гэта толькі малая частка будынкаў Барысава, якія могуць паўтарыць лёс былой школы №4:
Былая пажарная каланча па вуліцы Дзяржынскага (ля скрыжывання з вуліцай Нармандыя-Нёман)
На
пачатку ХХ стагоддзя быў адным з найбольш адметных грамадскіх будынкаў
Барысава. Знаходзіцца ў закінутым стане амаль дзесяць год. Будынак
даўно разрабаваны.
Будынак па вуліцы Дзяржынскага, 76 (канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў; былая санстанцыя)
Стары
будынак у самым гістарычным цэнтры горада. Вызваліўся пасля аб’яднання
горада з раёнам. З боку вуліцы вонкавы стан дома падтрымліваецца. З
астатніх – выбіты вокны. Будынак разрабаваны.
Былы гарадскі дом культуры (пазней – дом культуры фабрыкі піяніна; знаходзіцца па вуліцы 40 Год ВЛКСМ)
Закінуты
пасля ўзнікнення эканамічных цяжкасцяў завода. Вокны часткова выбіты,
дзверы доўгі час былі зламаныя. Будынак разрабаваны. Напярэдадні Дня
пісьменства вокны на першым паверсе і ўваход забіты.
Былыя казармы і іншыя вайсковыя будынкі (знаходзяцца ў Лядзішчах)
Комплекс
з разнастайных па прызначэнню вайсковых будынкаў, якія ўжо не адзін не
выкарыстоўваюцца, разрабаваны. Закінутыя (і нават знішчаныя) былыя
вайсковыя будынкі маюцца і ў іншых частках горада.